Касмічныя тэхналогіі ў дзіцячых садках

14.09.2020

Касмічныя тэхналогіі ў дзіцячых садках

Што можа прымусіць дарослага мужчыну, няхай сабе і жартам, спытацца, ці можна запісацца ў гурток у дзіцячым садку? Інтэрактыўныя тэхналогіі, якія ў ім выкарыстоўваюць. Наш фотакар пажартаваў на гэты конт, калі пазнаёміўся з абсталяваннем у садку “Космас”, што ў вёсцы Копішча Мінскага раёна. І я яго разумею: заняткі ў інтэрактыўнай пясочніцы iSanBOX зацягваюць, зачароўваюць…

Жарты жартамі, але такое абсталяванне, пераканана педагог-псіхолаг дзіцячага сада № 3 (ён жа “Космас”) Наталля Уладзіміраўна Сакаленка, прыносіць вялікую карысць. Садку хутка два гады, выглядае ён і звонку, і ўнутры надзвычай сучасна, інтэрактыўная пясочніца ў такі інтэр’ер упісваецца цалкам арганічна, размяшчаецца якраз у кабінеце псіхолага. Супрацоўнікі сада, дарэчы, называюць пясочніцу расійскай вытворчасці не толькі сучасным, але нават сенсацыйным абсталяваннем ХХІ стагоддзя.

Такім чынам, пясочніца абсталявана праграмным забеспячэннем, якое стварае на пяску эфект дапоўненай рэальнасці. Як і ў звычайнай пясочніцы, асноўную ролю выконвае пясок, на які, дзякуючы ўбудаваным сэнсарам, праецыруюцца тэкстуры сапраўдных прыродных аб’ектаў: мораў і рэк, раўнін і гор, вулканаў і вадаспадаў. Праекцыя выявы на пяску залежыць ад рухаў рук, дазваляе будаваць розныя ландшафты, афарбаваныя ў яркія колеры. Усяго тут 16 базавых рэжымаў, з дапамогай якіх лёгка можна ствараць розныя захапляючыя гісторыі: “Вулкан”, “Ледавіковы перыяд”, “Формы і колеры” і інш.

Карыстаецца пясочніцай для заняткаў з дзецьмі не толькі педагог-псіхолаг, але і выхавальнікі, лагапед. Калі ў садку з такім абсталяваннем ёсць дэфектолагі, то інтэрактыўная пясочніца дапаможа ў рабоце і ім.

— Гэтае абсталяванне не толькі спрыяе прыцягненню дзяцей да працэсу навучання, але і дапамагае вырашаць развіццёвыя, адукацыйныя і карэкцыйныя задачы, — гаворыць Н.У.Сакаленка. — Інтэрактыўная пясочніца паляпшае якасць адукацыйнага працэсу, павышае матывацыю дзяцей да атрымання ведаў, паскарае працэс іх засваення. Тут і самаразвіццё дзіцяці, магчымасці для яго самавыяўлення, і атрыманне навыкаў работы ў калектыве, стабілізацыя эмацыянальнага стану, развіццё мыслення, памяці, увагі, дробнай маторыкі рук, маўлення, кемлівасці, камунікатыўных навыкаў і г.д.

Важна адзначыць, што займаюцца ў пясочніцы ўсе выхаванцы: як гурткоўцы, так і іншыя дзеці. Зараз у “Космасе” асвойваюць інтэрактыўныя панэлі, якія ў хуткім часе таксама будуць актыўна прымяняць для заняткаў з дзецьмі.

Высокатэхналагічныя развіццёвыя цуды ёсць у суседнім дзіцячым садку № 2, які называецца “Жоўтая жырафа”. Кампанія-забудоўшчык, якая будавала і гэты сад, і “Космас”, падарыла садкам абсталяванне. У “Жырафе” мы бачым інтэрактыўныя дошкі ў пункце карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, лагапедычнай групе, кабінеце педагога-псіхолага. Яшчэ ў садку ёсць цэнтр па STEAM-адукацыі, дзе таксама не абысціся без такой дошкі, ёсць і інтэрактыўны стол (падарунак аднаго з банкаў).

— Інтэрактыўная дошка аб’ядноўвае вялізную колькасць дэманстрацыйнага матэрыялу, вызваляе ад вялікага аб’ёму папяровых наглядных дапаможнікаў, табліц, рэпрадукцый, аўдыя- і відэа­апаратуры, — расказвае педагог-псіхолаг Таццяна Рыгораўна Пачатоў­ская. — Дошка таксама дазваляе павысіць матывацыю дзяцей, павышае эфектыўнасць засваення матэрыялу, хуткасць прыёму і перапрацоўкі інфармацыі.

Мая суразмоўніца яшчэ доўга пералічвае перавагі выкарыстання інтэрактыўных дошак у спалучэнні з традыцыйнымі метадамі выхавання дашкольнікаў, бо іх сапраўды нямала. Але найбольш наглядна ў гэтым пераконваешся, калі бачыш, як зацікаўлена працуе з дошкай адна з маленькіх выхаванак дзіцячага сада. Вылучу, бадай, яшчэ толькі адзін важны момант: педагог-псіхолаг асабліва падкрэслівае, што выкарыстанне інтэрактыўнай дошкі з прымяненнем інтэрактыўных тэхналогій (графіка, колер, гук, відэаматэрыялы) дазваляе мадэляваць розныя праблемныя сітуацыі і асяроддзе, дае магчымасць дзіцяці ўбачыць сябе быццам бы збоку, назіраць за дзеяннямі партнёраў па гульні. Дзеці прывыкаюць ацэньваць сітуацыю, не паглыбляючыся цалкам у віртуальны свет сам-насам з камп’ютарам.

Важна, канечне, і тое, што дзеці праводзяць за такімі заняткамі па 5—10 мінут, каб не псаваць зрок. Пры рабоце з інтэрактыўнай дошкай зніжаецца стамляльнасць малых, бо пазнавальны матэрыял вылучаецца нагляднасцю, яркасцю вобразаў, увага дзяцей становіцца больш канцэнтраванай. А яшчэ да такіх заняткаў ахвотна далучаюцца бацькі, у­дзельнічаюць, напрыклад, у квестах, прымеркаваных да значных гістарычных дат.

Заняткі з інтэрактыўнымі дошкамі праводзяцца для ўсіх выхаванцаў дзіцячага сада. Частка з іх займаецца па праграме творчай майстэрні STEAM-адукацыі, у садку вядзецца работа па рэалізацыі педагагічнага праекта “Выкарыстанне элементаў STEAM-адукацыі ў пазнавальнай дзейнасці выхаванцаў для развіцця інтэлектуальных здольнасцей” (тэрміны рэалізацыі —  2019—2022 гады). Модулі гуртка — алгарытміка або матэматычнае развіццё, эксперыментаванне з жывой і нежывой прыродай, канструяванне і робататэхніка.

— STEAM-адукацыя дапамагае вынаходзіць, ствараць і марыць, — так характарызуе свой праект Таццяна Рыгораўна.

Таксама эфектыўнае выкарыстанне інтэрактыўных дошак (а хутка і інтэрактыўнага стала) у рамках дадатковых адукацыйных паслуг на платнай аснове па кірунках “Замежная мова”, “Інтэлектуальнае развіццё”, скажам, “Падрыхтоўка да школы”, для маўленчага развіцця ў рамках курса “Гісторыя і культура Беларусі”.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

https://nastgaz.by/kasmichnyya-tehnalogii-u-dzitsyachyh-sadkah/

свернуть

Наши Публикации